СТРУКТУ́РНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я,

тып ізамерыі, абумоўлены рознай хім. будовай малекул.

Асн. віды С.і.: ізамерыя вугляроднага шкілета, абумоўленая розным парадкам сувязі атамаў вугляроду ў малекуле, напр., бутаны — н-бутан CH3CH2CH2CH3 і ізабутан CH3CH(CH3)CH3; ізамерыя становішча, абумоўленая розным становішчам функцыян. груп або кратных сувязей у малекуле з аднолькавым вугляродным шкілетам, напр., 1-прапанол CH3CH2CH2OH і 2-прапанол CH3CH(OH)CH3. Разнавіднасць ізамерыі становішча — т.зв. ізамерыя ўзаемнага размяшчэння функцыян. груп ці кратных сувязей, напр., м-дыгідраксібензол (рэзарцын) і n-дыгідраксібензол (гідрахінон), амінакіслоты. Гл. таксама Таўтамерыя.

т. 15, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)